У Віцебску судзяць Сяргея Каваленку
21.02.2012
У аўторак, 21 лютага, суд Першамайскага раёна Віцебска пачаў разгляд справы Сяргея Каваленкі, якога вінавацяць у парушэнні рэжыма адбывання “хатняй хіміі”.
Такое пакаранне грамадскаму актывісту вынеслі ў 2010 годзе за вывешаны на гарадзкой навагодняй хваінцы бел-чырвона-белы сцяг. Мужчыне пагражае да трох гадоў турэмнага зняволення.
Працэс вядзе суддзя Алена Жук. Заля запоўненая, у яе увайшло каля 60 чалавек. Сярод іх: былая палітзняволеная Наста Палажанка, праваабаронцы Павал Левінаў, Валянцін Стэфановіч і Уладзь Лабковіч, кіраўнікі Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Юры Беленькі і Валер Буйвал, віцэ-консул Латвіі ў Віцебску Яніс Рупэйкс. Больш за дзесяць чалавек засталося за дзвярыма, не змясціліся ў залу. Тут знаходзіцца і жонка Сяргея Каваленкі, якая з’яўляецца сведкам на працэсе і мусіць чакаць, пакуль яе выклічуць. Меры бяспекі звычайныя, піша Наша Ніва.
Сяргей Каваленка зусім схуднелы. Калі зайшлі людзі ў залу, ён выгукнуў: "Жыве Беларусь!" і заспяваў гімн "Мы выйдзем шчыльнымі радамі". Яго змясцілі ў клетку.
Перад пачаткам суда Каваленка расказаў прысутным журналістам, што яго 20 дзён прымусова кармілі. Пагражалі, што адправяць на ў Віцебскую псіхіятрычную клініку. Пасля перыяду прымусовага кармлення ён пачаў есці сам, наракае, што пасля галадоўкі ў яго пух жывот. Аднак пасля мужчына аднавіў галадоўку, ён трымае яе 15 дзён, і апошнія тры - сухую. Каваленка гаворыць ірвана, голас у яго сіплаваты, але бадзёры. Кажа, што трымае сухую галадоўку для таго, каб у выпадку, калі яго забяруць дактары, убачылі сапраўдную сітуацыю з яго здароўем. Кажа, што ў СІЗА яго абколвалі, каб дактары не ўбачылі яго сапраўдны стан.
Суддзя папярэдзіла Каваленку аб недапушчальнасці рэплік, якія не тычацца справы. Сяргей заявіў, што яго справа сфабрыкавана.
Прысутны Леанід Аўтухоў зрабіў заўвагу да якасці перакладу. Яго выдалілі з залы. Каваленка заявіў адвод перакладчыцы - просіць яе замяніць. Таксама Каваленка просіць не выдаляць людзей больш.
Перакладчыца Алена Шухто, выкладчыца беларускай мовы адной з віцебскіх школ, падавала хадайніцтва пра самаадвод. Яна прызнае, што, магчыма, не мае патрэбных ведаў для перакладу, бо не прысутнічала раней на судовых працэсах. Адвод жанчыны прымалі і адхілялі некалькі разоў.
Маці Сяргея галосіць: “Як мне цяжка і балюча! Я цяпер адчула, як цяжка іншым палітвязням і іх родным. Я цяпер іх разумею”. Сыну яна крычыць: “Пі ваду, інакш памрэш да раніцы!”
Сяргей Каваленка кажа, што мае хадайніцтва да суду, каб яго агледзелі дактары: “У мяне дыстрафія, я згубіў 25 кілаграмаў”.
Тым часам суддзя забараніла фота- і відэаздымку ў зале, паколькі ніхто не хадайнічаў пра такі дазвол.
Маці і жонка Каваленкі выклікалі хуткую дапамогу. Канвой спачатку не пускаў дактароў аглядзець Сяргея, але пасля суддзя дазволіла правесці медычны агляд. Сваякі плачуць.
Доктар Дзмітрый Дубакін пастанавіў, што працэс можа працягвацца. Падставаў для шпіталізацыі падсуднага няма: падсудны ў прытомнасці, усе паказчыкі ў норме. Лекар ад каментароў пра стан здароўя Каваленкі адмовіўся. Суддзя агучыла медычнае заключэнне: ціск нармалёвы, кардыяграма нармалёвая, падсудны можа ўдзельнічаць у працэсе.
Людзі з месцаў выгукваюць, абураюцца, патрабуюць выдаліць з залы агентаў у цывільным. Аднак суддзя выдаліла з залы грамадскага дзеяча Хрыстафора Жаляпава за зробленыя ім заўвагі, а таксама маці Сяргея Каваленкі, паколькі тая крычала “Яны яго заб’юць! Не адпушчу, не адпушчу яго ў СІЗА!”
У судзе абвесцілі перапынак.
Нагадаем, на час следства Сяргея Каваленку змясцілі пад варту: спачатку ў ізалятар часовага ўтрымання, з 22 снежня - у віцебскі СІЗА-2. На знак пратэсту супраць зняволення і крымінальнага абвінавачання Каваленка 19 снежня распачаў галадоўку. Аднак намеснік начальніка віцебскага СІЗА падпалкоўнік Дубко заявіў, што стан здароўя мужчыны дазваляе ўдзельнічаць у судовым працэсе.
У Сяргея Каваленкі двое дзяцей, малодшая дачка нарадзілася паўгады таму, і жонка Сяргея сядзіць з ёй дома. Таму сям’я фактычна засталася без сродкаў для існавання.
Раніцай 21 лютага ў Віцебску юнакі ў знак салідарнасці з Каваленкам вывесілі бел-чырвона-белы сцяг як працяг абвешчанай на мінулым тыдні акцыі салідарнасці. Палотнішча з’явілася ў самым цэнтры горада - у раёне плошчы Перамогі. Гэта не першая акцыя салідарнасці ў Віцебску. Раней затрымалі жонку і нявестку Каваленкі, якія распаўсюджвалі ўлёткі з інфармацыяй пра арыштаванага.
Таксама раніцай на ўездзе ў Віцебск затрымалі аўтамабіль з маладафронтаўцамі, якія кіраваліся на працэс Каваленкі. Як паведаміла Наста Палажанка, машыну спыняла ДАІ, пасля пад’ехаў спецназ. У машыне знаходзіліся Павал Сітнік, Уладзімір Яроменак, Міхаіл Мускі, Васіль Хрома, Зміцер Крамянецкі. Даішннікі перапісалі пашпартныя дадзеныя юнакоў, разабралі і абшукалі машыну. На маладафронтаўцаў склалі пратаколы "за лаянку матам”, перадае Радыё Свабода. Супрацоўнікі міліцыі таксама апісалі ўсе іх рэчы, паведаміла абласная каардынатарка БХД Тацяна Севярынец.
Як раней паведамляла Служба інфармацыі “ЕўраБеларусі”, презідэнт Еўропарламента Мартын Шульц 14 лютага заявіў, што "жыццё Каваленкі цяпер знаходзіцца ў небяспецы з прычыны галадоўкі, якую ён трымае ў звязі з незаконным утрыманнем пад вартай". Шульц заклікае беларускае кіраўніцтва неадкладна і без усялякіх умоваў вызваліць Каваленку. "Рукі ўладаў Беларусі будуць у крові, калі ён памрэ", - падкрэсліў презідэнт Еўропарламента.














.png)







