Казакевіч: Мінск спрабуе адмазацца ад санкцый без вызвалення палітвязняў
14.02.2012
Просьба беларускага ўрада, адрасаваная Еўразійскай эканамічнай камісіі ў сувязі з санкцыямі Захада, з’яўляецца спробай афіцыйнага Мінска наладзіць адносіны з Еўрасаюзам. Такую думку выказаў Службе інфармацыі “ЕўраБеларусі” дырэктар Інстытута палітычных даследванняў “Палітычная сфера” Андрэй Казакевіч.
“Гэта спроба зрабіць нейкі адказ з боку Беларусі на палітыку ЕС. Я думаю, што і ўжо дзейсныя санкцыі, і тыя, якія могуць быць рэальна уведзеныя супраць Беларусі ў бліжэйшы час, маюць больш сімвалічны характар. Тое самае будзе тычыцца і нейкай магчымай рэакцыі з боку еўразійскай супольнасці, і яна, нават, можа быць значна меньшай”, - сказаў ён.
Аднак беларускае кіраўніцтва ўсё ж атрымае пэўныя выгоды, калі такая рэакцыя сапраўды з’явіцца.
“Для беларускіх уладаў гэта будзе, прынамсі, нейкі козыр і на перамовах, і ў межах унутранай палітыкі - маўляў, пазіцыя Еўрасаюза прызнаная няправільнай не толькі Беларуссю, але іншымі краінамі. Гэта будзе павышаць значэнне слоў беларускага боку”, - тлумачыць палітолаг.
Аднак захады беларускага кіраўніцтва не могуць істотна паўплываць на стасункі з Еўрапейскім Саюзам.
“Сказаць, што гэта можа істотна паўплываць на ход адносін Беларусі і Еўрасаюза ды змусіць Еўрасаюз пайсці на нейкія саступкі, - не думаю, што гэта магчыма. Калі і будзе нейкае значэнне, то хутчэй сімвалічнае: інфармацыйнае ці прапагандысцкае. Але рэальны палітычны эфект атрымаць будзе вельмі складана, гэта малаверагодна. Гэта калі казаць пра пазітыўны для беларускага боку эфект”, - удакладніў Андрэй Казакевіч.
Афіцыйны Мінск ужо не аднойчы выказваў сваё абурэнне наконт увядзення абмежаванняў з боку Захада. Аднак эксперт не схіляецца да думкі, што беларускія ўлады рэальна запалоханыя санкцыямі. Хутчэй абмежаванні проста замінаюць беларускаму кіраўніцтву наладзіць адносіны з Еўропай.
“Напужанымі яны сабе, літаральна, не адчуваюць. Але апошнім часам яны хочуць зрушыць з мёртвай кропкі стасункі з Еўропай. Магчыма, распачаць нейкі дыялог. Можа быць, гэта выклікана жаданнем замацаваць знешнюю палітыку, якая ў апошнія часы крэнілася на Усход. У гэтай сітуацыі першае, што патрэбна, - гэта нейкім чынам вырашь пытанне з санкцыямі. Калі казаць пра ўвядзенне жорсткіх эканамічных санкцый, то яны малаверагодныя. Але каб размарозіць адносіны, трэба зняць і візавыя абмежаванні”, - даводзіць эксперт.
На яго думку, зрабіць гэта будзе вельмі не проста.
“Еўрапейцы разумеюць, што жорсткія санкцыі эфекту не дадуць, бо ад іх пацерпіць у першую чаргу насельніцтва краіны, а не ўлады. Але і адмяняць проста так тыя санкцыі, якія ўжо прынятыя, таксама сэнсу няма. Бо лічыцца, што першы крок мусіць зрабіць Беларусь. І захады беларускіх улад з’яўляюцца спробамі паўплываць на сітуацыю, наладзіць нейкае супрацоўніцтва, напрыклад, без вызвалення палітзняволеных”, - падсумаваў Андрэй Казакевіч.
Як ужо паведамляла Служба інфармацыі "ЕўраБеларусі", ананімная крыніца ў беларускім Саўміне заявіла, што віцэ-прэм’ер Сергей Румас напісаў ліст кіраўніку Еўразійскай эканамічнай камісіі Віктару Хрысценку. Намеснік прэм’ера просіць заняцца распрацоўкай кансалідаванай пазіцыі членаў Адзінай эканамічнай прасторы наконт санкцый, якія ўвялі супраць Беларусі ЕС і ЗША.














.png)







