Пятніца, 18 мая 2012 года

Чэхія адмаўляецца ад Мартынава

Чэхія адмаўляецца ад Мартынава

21.02.2012

Міністра замежных спраў Беларусі Сяргея Мартынава не запрасілі на сустрэчу кіраўнікоў МЗС Вышаградскай групы і краін Усходняга партнэрства.

Пра гэта паведаміў журналістам амбасадар па асаблівых даручэннях МЗС Чэхіі Петэр Марэш 21 лютага на прэс-канферэнцыі ў Мінску, піша БелаПАН.

Дыпламат не назваў умоў, на якіх Мартынаў зможа прысутнічаць 4 сакавіка ў Праге. "Абодва бакі ведаюць, што трэба зрабіць, каб гэта адбылося", - толькі зазначыў ён.

Чэшскі амбасадар паведаміў, што знаходзіўся ў Мінску з двухдзённым візітам, падчас якога сустрэўся з прадстаўнікамі МЗС, міністэрстваў культуры і адукацыі, БДУ і Нацыянальнай акадэміі навук. У прыватнасці, Петэр Марэш сустракаўся з намеснікам начальніка галоўнага ўпраўлення Еўропы - начальнікам упраўлення агульнаеўрапейскага супрацоўніцтва МЗС Раманам Раманоўскім.

“Як заўсёды на ўсіх сустрэчах, мы закранулі тое, што мы называем праблемамі ў нашых адносінах, - гэта агульнапрынятыя каштоўнасці. Але гэтая тэма на гэты раз не развівалася”, - зазначыў амбасадар па асаблівых даручэннях.

Ён таксама ўдакладніў, што падчас перамоў не закраналася тэма палітвязняў. Разам з тым дыпламат падкрэсліў, што пазіцыя Чэхіі і Еўрасаюза па гэтай праблеме даўно агучаная і застаецца нязменнай: “Вызваленне палітзняволеных - гэта першы крок для развіцця супрацоўніцтва паміж ЕС і Беларуссю”.

Гаворачы аб стане адносінаў Беларусі і ЕС на дадзены момант, Петэр Марэш ахарактарызаваў іх словам “тупік”. “Выйсці з гэтага тупіка можна толькі намаганнямі двух бакоў і нам падаецца, што нашая рука для супрацоўніцтва ўжо працягнутая, чакаем цяпер рукі Мінска”, - падкрэсліў амбасадар.

Для Чэхіі Беларусь вельмі важная, і працяг удзелу краіны ва Усходнім партнёрстве афіцыйная Прага лічыць адным з найважных пытанняў, запэўніў ён.

“Беларусь - гэта еўрапейская краіна, яна была з Еўропай амаль усю сваю гісторыю, а цяпер кідаецца паміж Усходам і Захадам. У цяперашняй сітуацыі самае складанае - знайсці баланс. Лягчэй было б кінуць Беларусь у ізаляцыі, але мы гэтага не хочам. Зусім перарываць камунікацыі нельга, таму што мы ведаем, што ёсць адна толькі сталіца (Масква), якая здолее гэтую сітуацыю выкарыстоўваць, і ў якой хопіць на гэта сродкаў”, - зазначыў чэшскі дыпламат.

Як раней паведамляла Служба інфармацыі “ЕўраБеларусі”, у студзені Францыя выдала візу міністру унутраных спраў Беларусі Анатолю Куляшову па запыту Інтэрпола, нягледзячы на тое, што чыноўнік знаходзіцца ў спісках няўезных у ЕС.

Гэтым абурылася францускі палітолаг і супрацоўніца Фінскага інстытута міжнародных адносін Анаіс Марын. “Калі ў "дзяржаве грамадзянскіх правоў", Францыі, міжнароднае паліэйскае супрацоўніцтва з паліцэйскім рэжымам значыць больш, чым магчымасць францускай паліцыі арыштоўваць людзей, якія здзяйсняюць злачынствы згодна францускаму (і міжнароднаму) заканадаўству, тады палітыка санкцый Захада наўрад ці зможа уразіць Лукашенку і яго паслядоўнікаў”, - сказала яна.

Што тычыцца вартасці Беларусі для Еўрасаюза, лёс краіны, на думку эксперта, усур'ёз хвалюе толькі Польшчу, а таму дзяржава будзе “заставацца буферам паміж ЕС і Расіяй”.

 


Меркаванні

Centre For European Transformation Belarusian Institute for Strategic Studies
free counters