Пятніца, 18 мая 2012 года

Астаповіч: Праграма па рэстаўрацыі замкаў - гэта проста засваенне грошаў

Астаповіч: Праграма па рэстаўрацыі замкаў - гэта проста засваенне грошаў

Паўліна Калтавічанка, ЕўраБеларусь

14.02.2012

Дзяржаўная праграма “Замкі Беларусі” на 2012-2018 гады, якую зацвердзіў Савет міністраў, нічога добрага для помнікаў не прынясе. Пра гэта Службе інфармацыі “ЕўраБеларусі” заявіў старшыня Беларускага дабраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч.

“У мяне цалкам скепсіс да гэтай праграмы. У сувязі з тым, што ў нас адбываецца ў сферы аховы спадчыны, г.зн. выкананне як прававых норм, так і метадычных норм, я чакаю, што будзе праведзены чарговы шэраг неадэкватных работ. Проста адбудзецца засваенне грошаў, якое ні да чаго пазітыўнага, ў сэнсе помнікаў, не прывядзе. Добрую палову сумы агульных выдаткаў на праграму аддаюць на стварэнне Мінскага замчышча. Праект якога, распрацаваны і ўзгоднены, не адпавядае літаральна ніводнаму крытэру ні заканадаўства, ні методык, ні матэрыяльнаму комплексу навуковых даследаванняў. І калі гэта будзе рабіцца ў сталіцы, хто дасць гарантыю, што па-іншаму будзе ў астатніх рэгіёнах?”, - запытваецца Антон Астаповіч.

Рэстаўрацыйныя працы, арганізаваныя з санкцыі Мінкульта, на справе з’яўляюцца нічым іншым, як фальсіфікацыяй гісторыка-культурных каштоўнасцяў, тлумачыць кіраўнік таварыства аховы помнікаў.

“У праграме прадугледжана, што будзе праводзіцца дабраўпарадкаванне цэлага шэрагу замчышчаў. У нас ужо ёсць прыклад, калі з дазволу Мінкультуры зрабілі так званае ўпарадкаванне Мазырскага замка. Там паставілі проста фантазію. Гэта завецца фальсіфікацыяй гісторыка-культурнай каштоўнасці! Што зрабілі ўжо на Браслаўскім замку, таксама не адпавядае ні прававым нормам, ні методыкам. Але ж гэта ўсё па ўзгадненню Міністэрства культуры! Нягледзячы на тое, што таварыства неаднаразова звярталася, каб спынілі работы, якія не адпавядаюць ні заканадаўству, ні міжнародным методыкам”, - заўважыў ён.

У Белаусі амаль няма добрых рэстаўратараў помнікаў, а таму пра мажлівасць якаснай працы цяжка казаць нават тэарэтычна.

“Мне нават асабліва не верыцца, што могуць быць якасна праведзеныя працы ў тым самам Крэўскім замку. У нас ёсць досвед, калі Лідскі замак “рэстаўравалі” жэлезабетонам! Гэта ж не рэстаўрацыя, а скажэнне гісторыка-культурнай каштоўнасці! Пры існуючых зараз падыходах, пры адсутнасці нармальных праектоўшчыкаў у галіне рэстаўрацыі (у нас яны ёсць, але гэта адзінкавыя асобы). На жаль, рэстаўрацыйная школа ў архітэктуры ў нас зруйнаваная. Цалкам адсутнічае практычная школа рэстаратараў-выканаўцаў у сферы будоўлі. Ну і пра якую якасць працаў мы можам гаварыць?”, - абураецца Антон Астаповіч.

Цікава, што спампаваць праграму “Замкі Беларусі” з Нацыянальнага прававога партала можна толькі разам з іншымі пастановамі Саўміна: напрыклад, з пастановай пра тарыфныя квоты на мяса, якія да замкаў ніякіх адносін не маюць. “На электронным Нацыянальным рэестры нарматыўна-прававых актаў заганяюць у адзін файл абсалютна розныя дакуманты - усе, якія праходзяць рэгістрацыю. Гэта, канешне, вельмі не зручна: каб выразаць патрэбнае, патрабуецца лішняя праца”, - заўважыў старшыня Таварыства аховы помнікаў.

На сайце ж Міністэрства культуры ў раздзеле “Аб выкананні заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны” праграма “Замкі Беларусі” не падаецца. “Складаецца ўражанне, што нашаму Мінкульту на выкананне пляваць”, - дадаў Антон Астаповіч.

 


Меркаванні

Centre For European Transformation Belarusian Institute for Strategic Studies
free counters