Аляксандар Абуховіч: Нафтаправоды проста праядуць
20.02.2012
Калі беларускія ўлады прададуць нацыянальныя нафтаправоды, атрыманыя грошы хутчэй за ўсё пойдуць проста на ежу. Пра гэта Службе інфармацыі “ЕўраБеларусі” заявіў эканаміст Аляксандар Абуховіч.
“Я думаю, што насамрэч продаж вялікай ролі не грае. Ну, прадалі “Белтрансгаз”, і што? На сённяшні дзень рэальна прадпрыемства само па сабе мала што значыць - важна тое, у якім тэхналагічным ланцугу яно знаходзіцца. Калі мы на сёння рэальна не ў стане кіраваць нічым, калі нафтаправодам рэальна кіруе Расія, якая дае альбо не дае нафту, сам продаж не істотны. Пытанне: за колькі? І на якіх умовах? Вось тут сапраўды можа быць выгодна альбо не выгодна. А продаж прадпрыемстваў, якія знаходзяцца ў чужых ланцугах і якімі мы не ў стане кіраваць, - гэта не значна”, - мяркуе эксперт.
Якія грошы афіцыйны Мінск можа атрымаць за нафтаправоды, прагназаваць складана нават прыблізна.
“Гэтага зараз я не магу сказаць, бо пытанняў, насамрэч, вельмі шмат, і як яны будуць вырашацца - нават уявіць не магу”, - сказаў Аляксандар Абуховіч.
На яго думку, ніякіх дадатковых прывілеяў ад продажу Беларусь не атрымае. “Я не думаю, што тут ёсць нейкія вялікія выгоды. Але і стратаў вялікіх таксама няма. Пытанне ў іншым: матэрыяльныя грошы, якія мы павінныя зарабляць. А мы пакуль не ў стане гэтага забяспечыць: выдаткоўваем больш, чым зарабляем. Таму продаж тых ці іншых прадпрыемстваў мае сэнс, калі прыбытак пойдзе на тое, каб забяспечываць працаздольнасць астатніх”, - заўважыў эканаміст.
Аднак калі атрыманыя грошы пойдуць проста на выплаты заробкаў, эксперт не выключае яшчэ аднаго крызіса ў краіне. “Прадаць і праесці - гэтым мы ўжо ўсе апошнія гады займаемся. Гэта, дарэчы, і прывяло да крызіса ў мінулым годзе”, - зазначыў ён.
А калі кіраўніцтва краіны прадасць беларускія нафтапровады, то яны, хутчэй за ўсё, будуць праедзеныя. “Так, пойдуць на спажыванне. А колькі часу ўрад ад гэтага выйграе, за колькі і навошта яму гэты час наагул патрэбны - ён і сам не разумее”, - падсумаваў Аляксандар Абуховіч.
Як раней паведамляла Служба інфармацыі “ЕўраБеларусі”, першы віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімір Сямашка нядаўна заявіў, што не выключае продажу нацыянальных нафтаправодаў.














.png)







