15 праектаў праграмы “Культура” Усходняга партнёрства неўзабаве распачнуць працу
20.02.2012
Праграма "Культура" Усходняга партнёрства з задавальненнем абвяшчае пра пачатак ажыццяўлення 15 рэгіянальных праектаў у сферы культуры ў краінах Усходняга партнёрства - Арменіі, Азербайджане, Беларусі, Грузіі, Малдове і Украіне - пры фінансавай падтрымцы ЕС агульным аб'ёмам 8,2 млн. еўра.
Нядаўняе падпісанне кантрактаў дазволіла распачаць ажыццяўленне праектаў, што рэалізуюць 79 арганізацый, якія прадстаўляюць 17 краін: шэсць краін Усходняга партнёрства, дзевяць краін-сябраў Еўрапейскага Саюза (Аўстрыя, Балгарыя, Чэхія, Італія, Літва, Люксембург, Нідэрланды, Польшча і Румынія) і дзве краіны-кандыдаты на ўступленне ў ЕС: Харватыя і Турцыя.
Выдаткі на рэалізацыю праектаў размеркаваныя паміж Еўрапейскай камісіяй (80%) і партнёрамі па рэалізацыі праектаў (20%).
Усе праекты арыентаваныя на ўмацаванне патэнцыялу ў сферы культуры і ролі культуры праз развіццё рэгіянальнага супрацоўніцтва. У больш шырокім сэнсе іх рэалізацыя павялічыць магчымасці ўстаноў культуры і суб'ектаў культуры за кошт паляпшэння іх навыкаў у менеджменце і фармуляванні палітыкі ў сферы культуры, а таксама праз прадастаўленне такой неабходнай падтрымкі культурным ініцыятывам і супольнасцям. На мясцовым узроўні гэтыя праекты будуць садзейнічаць павышэнню ролі культуры ў грамадстве праз развівццё і паглыбленне сувязяў паміж суб'ектамі культуры, звязанымі з культурай арганізацыямі грамадзянскай супольнасці, дзяржаўнымі ўстановамі і органамі ўлады. З прычыны разнастайнасці характару гэтых праектаў і разнапланавасці іх задач немагчыма змясціць усе звязаныя з імі навіны ў кароткім камюніке. Таму мы заклікаем усіх, хто цікавіцца пытаннямі развіцця культуры, знайсці больш падрабязную інфармацыю аб праектах, іх рэалізацыі і ўдзельніках па адрасе: http://euroeastculture.eu/en/granted-projects.html.
Атрымальнікі грантаў былі абраныя праз конкурс прапаноў, распачаты Еўрапейскай камісіяй у кастрычніку 2010 года, які ўпершыню быў спецыяльна арыентаваны на сферу культуры краін Усходняга партнёрства. Мэта конкурсу: выяўленне праектаў, якія робяць унёсак ва ўмацаванне ролі культуры як рухаючай сілы ўстойлівага эканамічнага, сацыяльнага развіцця і развіцця чалавечага патэнцыялу.
Беларусь прыме ўдзел у двух з гэтых праектаў. Першы аб'яднае фатографаў і выдаўцоў фатаграфіі ў Арменіі, Беларусі, Украіне, Малдове, Грузіі. Удзельнікі атрымаюць магчымасць арганізаваць дыстанцыйныя школы фотамайстэрства і фотавыставы, распрацаваць свае сайты, сустрэцца і абмяняцца досведам падчас семінараў, правесці конкурсы фатаграфіі і плэнэры з удзелам пераможцаў. Таксама ў рамках праекта выйдзе спецыяльнае выданне фотачасопіса і пройдуць нацыянальныя фотавыставы.
Другі праект, у якім прыме ўдзел Беларусь, аб'яднае намаганні беларускіх і ўкраінскіх партнёраў у вывучэнні стану культурнай спадчыны Палесся. Удзельнікі будуць супольна ствараць гістарычныя і этнаграфічныя экспазіцыі, праводзіць археалагічныя экспедыцыі, спалучаць у адзіную сетку грамадскія арганізацыі, што цікавяцца праблематыкай рэгіёна, распрацуюць турыстычныя маршруты, а таксама правядуць семінары-трэнінгі, зробяць серыю публікацый і здымуць дакументальны фільм.
Па дадатковую інфармацыю, калі ласка, звяртайцеся да Алены Паліводы, менеджэра па інфармацыі і камунікацыі Рэгіянальнага бюро па маніторынгу і нарошчванні патэнцыялу Праграмы "Культура" Усходняга партнёрства, па тэлефонах: (+380 44) 234 48 98, (+380 44) 235 79 98, па электроннай пошце: elena.palivoda@euroeastculture.eu.
Даведка:
Праграма "Культура" Усходняга партнёрства скіраваная на ўмацаванне патэнцыялу ў сферы культуры ў краінах Усходняга партнёрства (Азербайджан, Арменія, Беларусь, Грузія, Малдова і Украіна) і павышэнне ролі культуры як рухаючай сілы рэформаў, падтрымка атмасферы цярпімасці, садзейнічанне сацыяльнай згуртаванасці. Асноўная мэта Праграмы "Культура" Усходняга партнёрства - падтрымліваць ролю культуры ва ўстойлівым развіцці рэгіёну, а таксама ў садзейнічанні развіццю рэгіянальнага супрацоўніцтва паміж дзяржаўнымі ўстановамі, сацыяльна-культурнымі арганізаціямі і навучальнымі ўстановамі ў рэгіёне, а таксама з ЕС.
Праграма "Культура" Усходняга партнёрства забяспечвае фінансаванне да 80% бюджэтаў 15 рэгіянальных культурных праектаў і нарошчванне патэнцыялу суб’ектаў культуры праз дзейнасць нацыянальных/мясцовых органаў улады ды інстытутаў грамадзянскай супольнасці праз Рэгіянальнае бюро па маніторынгу і нарошчванні патэнцыялу (RMCBU). Дадатковая інфармацыя: www.euroeastculture.eu.














.png)







